ДАРАВА́ЛЬНЫ НАДЗЕ́Л,

зямельны ўчастак, які паводле ўмоў сялянскай рэформы 1861 у Расіі памешчык са згоды селяніна аддаваў яму ва ўласнасць без выкупу («дараваў»). Складаў ​1/4 вышэйшага надзелу, вызначанага рэформай для сялян пэўнай мясцовасці. Астатнія ​3/4 надзелу заставаліся за памешчыкам. Пераход б. прыгонных на Д.н. быў найб. пашыраны ў чарназёмных губернях Рас. імперыі. У Беларусі (у Магілёўскай і 8 паветах Віцебскай губ.) ён складаў 1—1,4 дзесяціны. У Зах. і Цэнтр. Беларусі мясц. «Палажэннем» ад 19.2.1861 ён зусім не прадугледжваўся. Д.н. быў недастатковы для вядзення гаспадаркі сялянамі, і яны вымушаны былі працаваць на памешчыка. У народзе Д.н. называлі «жабрацкім», «сірочым».

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)